Рэпліка

Ці патрэбна нам сёння “Вайна і мір”?

 

Такое сабе нават уявіць немагчыма, таму што такога не можа быць наогул. Тым не менш, паспрабуйце сабе ўявіць, што прафесію …, напрыклад, урача абвясцілі не прафесіяй, а хобі - захапленнем нейкай часткі грамадзян, што маюць сярод іншых сваіх талентаў і схільнасцей прыроджаныя ці набытыя з цягам часу здольнасці ў лекаванні людзей. Вось узялі і адмянілі раптам прафесію эскулапа, пазбавіўшы бюджэтнай датацыі, абгрунтоўваючы свае рашэнні тым, што медыцынскай справе навучыць можа толькі жыццё і ўласнае жаданне ўрача спасцігаць сакрэты функцыянавання чалавечага арганізма, а тэарэтычныя веды, набытыя ў навучальных установах, – гэта так, як бы між іншым. Таму адпусцілі лекараў у свабоднае плаванне, маўляў, зарабляйце сабе на хлеб надзённы больш патрэбнай справай, а змагацца з хваробамі можаце ў вольны ад асноўнай, грамадзянскай, павіннасці час.

Страшна нават сабе ўявіць, што без кваліфікаванай медыцынскай дапамогі засталося б наша грамадства. Але яшчэ страшней іншае: на фоне страты прэстыжу лекарства, як адказнай справы, пачнуць з’яўляцца немаведама адкуль усялякага роду знахары, экстрасэнсы, чараўнікі, якія за адпаведную плату будуць лячыць сваімі зёлкамі і парашкамі (прыгатаванымі з сушаных конікаў, напалову перамешаных з павуцінай), прапаноўваючы “панацэю ад усіх хвароб” і збіваючы высокі артэрыяльны ціск кровапусканнем.

Пісьменнік – своеасаблівы лекар чалавечай душы. Да таго ж, чым больш таленавіты пісьменнік, чым глабальней ён мысліць, чым больш мае здольнасцей да філасофскіх высноў, тым больш можа прэтэндаваць на ролю ЛЕКАРА ГРАМАДСТВА. Каб засцерагчыся ад хвароб, грамадству таксама патрэбен свой “валеолаг”, а часам і ад сур’ёзнага ўмяшальніцтва “псіхатэрапеўта” ці “хірурга” нельга адмаўляцца.

Сёння мы не маем у спісе прафесію ПІСЬМЕННІК. Пісьменніцкай справай займаюцца пераважна аматары або “апошнія з магікан”, атрымаўшыя бласлаўленне пісьменніцкіх саюзаў яшчэ савецкіх часоў. Прыраўняўшы пісьменніцкія згуртаванні да грамадскіх арганізацый накшталт таварыства рыбаловаў і паляўнічых, дзяржаўныя мужы тым самым адмовіліся ад гуманітарных паслуг празаікаў, драматургаў і паэтаў у духоўнай сферы. У адрозненні ад графа Льва Талстога, дваран-памешчыкаў Івана Тургенева, Мікалая Някрасава ці хоць нават мясцовых шляхцічаў Адама Міцкевіча ды Францішка Багушэвіча, сучасныя майстры слова не маюць ніякіх крыніц для фінансавання сваёй літаратурнай дзейнасці. У гэтай справе нават інвестара знайсці немагчыма. Шматлікія выдаўцы-прыватнікі выдадуць хутчэй сярэдняй паршывасці “чціва” для неабцяжаранага інтэлектам спажыўца, чым раман, дзе “шмат літар” і столькі ж філасофскіх разважанняў.

Дзіўна, што яшчэ не вымерлі, як маманты, прадстаўнікі гэтай знікаючай прафесіі.

А што да адсутнасці раманаў талстоўскага ўзроўню, то яны ёсць. Можа літар у іх насамрэч меньш, але па экзістэнцыяльнай паглыбленасці ў свет чалавечага жыцця, па высокамайстэрскаму валоданню словам, па захапляльнасці сюжэтна-падзейнай плыні яны не горшыя, а мажліва і больш дасканалыя. Хаця б таму, што больш набліжаны да сучаснага чытача, да яго надзённых праблем, да абуджанай цікавасці грамадства гісторыяй сваёй дзяржавы, народных звычаяў, мясцовых традыцый. Каб не быць галаслоўнай, хачу парэкамендаваць “аналітыкам”, што пастаўляюць інфармацыю ў адпаведныя кабінеты, перачытаць хоць некалькі твораў сучасных аўтараў, напісаных у апошнія 20-30 гадоў.

Раманы Генрыха Далідовіча “Гаспадар-камень”, “Пабуджаныя”, “Свой дом”, “Заходнікі”. Георгій Марчук: “Крык на хутары”, “Вочы і сон”. Ірына Жарнасек “Будзь воля твая”. Алена Брава “Менада і яе сатыры”. Ігар Бабкоў “Хвілінка. Тры гісторыі”, між іншым, за гэты раман аўтар атрымаў прэмію Гедройца.

З гісторыка-біяграфічных – раманы Алега Лойкі “Францыск Скарына, або Сонца Маладзіковае” і Валянціны Коўтун “Крыж міласэрнасці”.

З прыгодніцкіх – трылогію Людмілы Рублеўскай пра авантуры Пранціша Вырвіча.

А колькі напісана яркіх, цікавых, глыбокіх па зместу апавяданняў, якім не суджана было стаць раманамі толькі па адной прычыне: на галодны страўнік многа не папішаш, а нашым пісьменнікам трэба зарабляць на хлеб надзённы працай, ніяк не звязанай з карпатлівай работай над словам.

Гэта мая рэпліка – проста рэпліка, без усялякіх прэтэнзій на ісціну ў апошняй інстанцыі. Магчыма, нехта да прачытаных мной і тут згаданых твораў дадасць яшчэ шмат вартасных. У любым выпадку хочацца, каб крытыка ў адрас пісьменнікаў была канструктыўнай, абвінавачванні – абгрунтаваныя.

Ала СТРАШЫНСКАЯ.